галоўная  >  прыдзвінскі край  >  лёзненскі раён  >  ВІЗІТНАЯ КАРТКА  > 

 

ГАрадскі пасёлак лёзна >

 

Гарадскі пасёлак Лёзна знаходзіцца на левым беразе ракі Мошна, за 40 км на паўднёвы ўсход ад Віцебска. Чыгуначная станцыя на лініі Віцебск–Смаленск (Расія). Аўтамабільнымі дарогамі злучаны з Віцебскам, Смаленскам, Оршай, Янавічамі, Арэхаўскам. На 2003 г. у Лёзне было 6,8 тыс. жыхароў.

Узнікла Лёзна ў канцы 15 ст. на землях Мікулінскай воласці. У 1514 г. яно заваявана Рускай дзяржавай, а ў 1526 г. вернута зноў у склад ВКЛ. Відаць, назва паходзіць ад слова «лёзны» – «чужы», «нетутэйшы», «прышлы». У канцы 16 ст. Лёзна разам з Мікулінскай воласцю ўваходзіла ў Віцебскі павет. 3 1625 г. яно стала ўласнасцю князёў Агінскіх. У 1654 г. упамінаецца ўжо як мястэчка.

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. як цэнтр воласці Аршанскага павета Магілёўскай губерні ўвайшло ў склад Расійскай імперыі. У 1786 г. Агінскімі была пабудавана мураваная праваслаўная царква (разбурана ў 1961 г.). У 1800 г. у Лёзне пабываў рускі пісьменнік, сенатар Г. Дзяржавін. У пачатку вайны 1812 г. у мястэчку 2 тыдні стаяў 3-ці французскі корпус маршала М. Нея. 3 1831 г. у Лёзне праводзіліся 4 кірмашы штогод. Тут былі развіты сталярнае, сукнавальнае, гарбарнае, кравецкае рамёствы. У 1846 г. жыло 745 чалавек. У 1866–1867 гг. быў адкрыты рух па Рыга-Арлоўскай чыгунцы, якая прайшла праз мястэчка. У сувязі з гэтым у Лёзне пабудавана чыгуначная станцыя. У 1865 г. адкрыта народнае вучылішча, а ў 1875 г. пры чыгуначнай станцыі пачала дзейнічаць царкоўна-прыходская школа, якая ў 1887 г. была рэарганізавана ў 4-класнае народнае вучылішча. 3 1870 г. Лёзна стала ўласнасцю Храпавіцкіх, пазней – А.І. Шабекі. У 1867 г. у Лёзне было 1085, у 1880 г. – 1536 жыхароў. Тут стаяла 216 дамоў, 26 крам, размяшчалася валасное праўленне, працавала бальніца. Паводле перапісу 1897 г., у Лёзне ўжо 2473 жыхары. Сетка вуліц сфарміравалася ў 19 ст. У пачатку 20 ст. налічвалася 11 цагляных і 1103 драўляныя будынкі, дзейнічалі 2 млыны, працавалі 2 вучылішчы, па-ранейшаму штогод праводзіліся 4 кірмашы. У 1917 г. жыло 2055 чалавек.

У 1919 г. Лёзна ўвайшло ў склад РСФСР. 3 1924 г. у БССР, стала цэнтрам Лёзненскага раёна. 27 верасня 1938 г. мястэчка пераўтворана ў гарадскі пасёлак. У 1939 г. тут 4111 жыхароў.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны 17 ліпеня 1941 г. Лёзна акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. За час акупацыі нямецкія фашысты загубілі ў ім 1200 чалавек, а Лёзна было спалена. 8 кастрычніка 1943 г. войскі Калінінскага фронту вызвалілі пасёлак.

У 1972 г. у Лёзне было 5,7 тыс. жыхароў. У тым жа годзе быў распрацаваны генеральны план гарадскога пасёлка. Новы генеральны план распрацаваны ў 1983 г. Рака падзяляе горад на 2 часткі. Асноўны жылы масіў знаходзіцца на левым беразе Мошны. Рэгулярная сетка вуліц захавалася з 19 ст. Цэнтр Лёзна забудаваны 3–5-павярховымі цаглянымі будынкамі. Ва ўсходняй частцы створаны мікрараён з 3–5-павярховых жылых дамоў. За чыгункай, у паўднёвай частцы, сфарміравалася прамысловая частка Лёзна. Вядзецца катэджавае будаўніцтва.

Працуюць хлебны, малочны, кансервава-агароднінасушыльны заводы, ільнозавод.

Дзейнічаюць 2 сярэднія, музычная, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, школа мастацтваў. Працуюць Дом культуры, 2 бібліятэкі, Лёзненскі гісторыка-краязнаўчы музей.

У г. п. Лёзна ёсць вайсковыя могілкі, магілы ахвяр фашызму, помнік Вызвалення.

Выдаецца раённая газета «Сцяг Перамогі».

Падрабязную інфармацыю пра г. п. Лёзна можна атрымаць на сайце http://www.liozno.tut.by/

 

Літаратура

1. Лёзна // Рэспубліка Беларусь : вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт. – склад. Л.В. Календа. – Мн., 2004. – С. 139–140.

2. Лёзна // Князева, В. Падарожжа па Беларусі : гарады і гарадскія пасёлкі / В. Князева. – Мн., 2005. – С. 76–77.

3. Лёзна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал. Г.П. Пашкоў [і інш.]. – Мн., 1993. – Т. 4. – С. 358–359.

4. Лиозно // Путеводитель по городам и районным центрам Республики Беларусь / сост. А.В. Варивончик [и др.]. – Мн., 2004. – С. 214–215.

5. Лиозно // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г.П. Пашков [и др.] ; под общ. ред. И.И. Пирожника. – Мн., 2007. – С. 291.

6. Палескі, А. [Лёзна] / А. Палескі // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2007. – 22 мая.

7. Пукшанскі, А. Лёзна : Тут тварыў Шагал / А. Пукшанскі // Звязда. – 2007. – 8 жн.

8. Тихомирова, Н. Лиозно в начале XX века / Н. Тихомирова // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 1998. – 24 лістап.

 

ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ   ГарадЫ ВОБЛАСЦІ   ГЕРАЛЬДЫКА

ПІСЬМЕннікі, паэты, літаратары   МАСТАКІ   ВЫДАТНЫЯ І ЗНАКАМІТЫЯ ЛЮДЗІ

ГЕРОІ САВЕЦКАГА САЮЗА   ГЕРОІ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ПРАЦЫ

Галоўная  Карта сайта

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2009