галоўная  >  прыдзвінскі край  >  браслаўскі раён  >  помнікі гісторыі і культуры  > помнікі гісторыі >

 

Абставіны смерці і пахавання С. Нарбута. З гісторыі помніка.  >

 

У кнізе запісаў смярцей Браслаўскага касцёла Нараджэння Маці Божай ёсць наступны запіс: "Нарбут Остык Станіслаў, сын Тэадора і Крысціны. Памёр 11 сакавіка 1926 г. у г. Браславе ад запалення лёгкіх ва ўзросце 73-х гадоў... Пахаваны 15 сакавіка 1926 года на Замкавай гары з ксяндзом Юзафам Савіцкім”.

Пачатак сакавіка - самая мяжа, калі зіма пачынае здаваць свае паўнамоцтвы вясне. У гэтую пару аслаблены арганізм вельмі лёгка паддаецца хваробам. Паводле самай распаўсюджанай версіі, Станіслаў Нарбут выехаў па выкліку да хворага і падчас язды на вазку моцна прастудзіўся. Часта згадваецца такая акалічнасць, што на яміне ці на рэзкім павароце доктар выпаў з вазка і прамок. Здарылася гэта нібыта па дарозе да хворага, але Нарбут дабраўся спачатку да пацыента і толькі потым паклапаціўся аб сабе. Такі ўчынак, калі ён меў месца, адпавядаў характару Станіслава Нарбута. Лекар хварэў некалькі дзён. Аб хваробе паведамілі дачцэ Марыі, якая жыла ў Варшаве. Яе муж - доктар Ян Баўэр, тэрмінова выехаў у Браслаў з лекамі, але даехаць не паспеў. 11-га сакавіка сэрца Станіслава Нарбута перастала біцца.

Ён быў чалавекам ужо сталага веку, але востры боль ад страты апанаваў сэрцы блізкіх, сяброў, знаёмых, усяго мясцовага люду. Да кватэры Нарбутаў пацягнуўся натоўп жыхароў мястэчка і павета. Жалоба была шчырая і вострая. У віленскіх газетах сталі з'яўляцца жалобныя абвесткі, а "Dziennik Wilenski" і "Slowo" надрукавалі некралогі, напісаныя Зеліславам Янушкевічам, старостам браслаўскім, і Вацлавам Шадурскім, старостам у пачатку 20-х гадоў. В. Шадурскі назваў С. Нарбута "Нестарам зямлі Браслаўскай", ён адзначаў: "...здаецца неверагодным, што Браслаў мог бы існаваць без Нарбута..." і падкрэсліваў, што "...доктар быў знітаваны з браслаўскай зямлёй і мясцовым людам не толькі доўгім сумесным жыццём, але і вялікай узаемнай любоўю..." З. Янушкевіч пісаў, што С. Нарбут належаў да ліку людзей, пра якіх кажуць: "...такіх больш не будзе..."

У час жалобы кватэру С. Нарбута наведала прадстаўнічая дэлегацыя яўрэйскага насельніцтва Браслава. Яўрэі звярнуліся да ўдавы з просьбай перанесці нябожчыка ў сінагогу і там адправіць жалобныя малітвы. Па рэлігійных матывах згоду на такое дзейства дэлегацыя не атрымала. Пасля пахавання ў браслаўскай бажніцы прагучалі памінальныя малітвы па нябожчыку. Гэты факт з'яўляецца сведчаннем велізарнага аўтарытэта С. Нарбута сярод усіх жыхароў Браслаўшчыны. Трэба мець на ўвазе і тую акалічнасць, што ў сінагогах яўрэі адпяваюць толькі самых заслужаных адзінаверцаў. Доктар жа Нарбут увогуле быў прадстаўніком іншай канфесіі.

Захаваўся шэраг фотаздымкаў, зробленых у дні развітання з лекарам: жалобная працэсія каля хаты, адпяванне ў касцеле, пахаванне на Замкавай Гары. На ўсіх здымках бачым тлум людзей, твары са знакам смутку і жалобы.

Пахавалі С. Нарбута на Замкавай Гары, на грэбені высокага абарончага вала ў заходняй частцы старажытнага гарадзішча. Па некаторых звестках гэтае месца абралі жыхары Браслава, бо тут часта бачылі лекара ў часы адпачынку. Паводле іншай версіі сам С. Нарбут папрасіў пахаваць сябе на гарадзішчы, побач з вялізным крыжом Незалежнасці. Драўляны з сукаватага дуба крыж некалькімі гадамі раней быў устаноўлены па ініцыятыве лекара ў гонар прагрэсіўнай Канстытуцыі 3 мая 1791 года і аднаўлення незалежнасці Польшчы. С. Нарбут, ксёндз Ю. Савіцкі з аднадумцамі ўсцягнулі крыж на Замкавую Гару як на Галгофу. Пануючы над мястэчкам крыж павінен быў нагадваць цярністы шлях Айчыны да Волі, да Незалежнасці. Кавалачак зямлі на гарадзішчы прадаў, ці па іншых звестках падараваў, яго ўладальнік Томаш (Фама) Жарык. Праводзіць лекара ў апошні шпях прыйшла велізарная колькасць жыхароў Браслава і ўсіх гмінаў Браслаўскага павета.

Пасля пахавання ўлады і грамадскасць Браслава вырашылі паставіць на магіле С. Нарбута помнік, які быў бы дастойны памяці народнага лекара. Неўзабаве пачаўся збор ахвяраванняў. Грошы паступалі вельмі хутка. За кароткі тэрмін сабралі суму, якой аказалася больш чым дастаткова на помнік. Тады частку сродкаў накіравалі на ўзвядзенне дома для сям'і С. Нарбута.

Помнік лекару адразу быў задуманы як высокі абеліск, завершаны ліхтаром. Святло ліхтара павінна было падказваць рыбакам і падарожнікам кірунак на Браслаў. Аўтар праекта помніка пакуль невядомы. У кастрычніку 1928 г. журналіст віленскай газегы "Slowo" падчас наведвання сойміка ўбачыў макет помніка і адзначыў, што "...ён павінен быць узведзены на Замкавай Гары на магіле вельмі паважанага мясцовага грамадскага дзеяча доктара Станіслава Осцік Нарбута. Помнік уяўляе сабой высокую калону, якую завяршае электрычны ліхтар. Сярод туманаў і снежных завірух гэты ліхтар будзе ўказваць шлях ідучым па снежных раўнінах велізарных Браслаўскіх азёраў..."

Праект быў рэалізаваны ў канцы 20-х — пачатку 30-х гадоў. Над Браславам узнёсся высокі белы абеліск, на вяршыні якога заззяла 1000-ватная лямпа. Выключацель ад ліхтара знаходзіўся ў аддзяленні паліцыі і дзяжурны паліцэйскі павінен быў уключаць яго, калі надыходзіла цемра ці псавалася надвор'е. Гарадзішча і бліжэйшае наваколле Браслава ў той час было бязлесым, таму святло ліхтара маглі назіраць здалёку.

Абеліск стаяў на магутным кубе, які ўпрыгожвала памятная дошка: "Памяці Станіслава Осцік Нарбута, тут спачываючага. Жыхары Браслаўскага павета. 1853 - 1926." Бетонная пляцоўка вакол куба была абнесена масіўным ланцугом на слупках. Побач з помнікам захоўваўся крыж.

Адразу пасля ўзвядзення помнік С. Нарбуту стаў адной са славутасцяў мястэчка, адным з яго сімвалаў. Гэтае месца ахвотна наведвалі госці Браслава. Мала каго пакідала абыякавай такая кранальная пашана да памяці таленавітага лекара.

У 30-я гады Замкавая гара была выкуплена ўладамі з прыватных рук, набыла статус гістарычнага помніка і ператварылася ў адзін з грамадскіх цэнтраў горада. На гарадзішчы разбілі парк, якому ў 1931 г. вырашылі надаць імя тагачаснага прэзідэнта Польшчы прафесара І. Масціцкага. У 1930 г. І. Масціцкі наведваў Браслаў і аглядаў гарадзішча. Часам Замкавую гару называлі "гарой Нарбута", аб гэтым, прынамсі, сведчаць наступныя радкі, напісаныя адным з наведвальнікаў Браслава: "... Пасля таго як я прыехаў у Браслаў, рушыў да возера. Па дарозе праходзіў каля вялікай гары ў цэнтры горада. Гэта гара Нарбута, названая так у гонар доктара Нарбута, які працаваў у Браславе 60 гадоў і памёр некалькі гадоў таму. (Газета "Slowo". 11 ліпеня 1932 г.).

Драматычным быў лёс помніка С. Нарбуту ў 40 - 80-я гады. 3 надыходам Савецкай улады быў знішчаны крыж, разбіта памятная дошка, разабрана агароджа вакол куба-пастамента. На шчасце не пацярпеў помнік у час баявых дзеянняў перыяду другой сусветнай вайны. Не рашыліся ўлады і знесці абеліск. Імкнуліся толькі, каб забыліся на таго, хто знайшоў свой апошні прытулак на такім ганаровым месцы. Пускалі чуткі, што лекар быў дваранінам, а значыць прыгнятальнікам, што пацяшаўся ён з сялян, прымушаючы на сабе вазіць у вазку і г. д. Напярэдадні святкавання 900-годдзя Браслава, якое прыпадала на 1965 г., вырашылі скарыстаць помнік С. Нарбуту пад помнік у гонар заснавання горада. Замест ліхтара вяршыню абеліска "ўпрыгожыла" пачварная постаць старажытнага воіна, зробленая з бляхі. Надпіс на новай шыльдзе, прымацаванай да куба-пастамента, абвяшчаў: "Здесь на Замковой горе в IX веке был основан город Браслав. Впервые в летописи упоминается в 1065 году". Побач з помнікам узвялі танцавальную пляцоўку.

Да гонару жыхароў Браслава і пачварны воін, і шыльдачка не доўга аздаблялі помнік. Аднойчы іх знайшлі ў возеры моцна пашкоджанымі. У 80-я гады ўлады падрыхтавалі для помніка больш грунтоўную дошку, адлітую з сілуміну. Прымацаваць дошку не паспелі. Напрыканцы 80-х гадоў краіна ўступіла ў перыяд дэмакратызацыі. Менавіта ў гэты час актыўнай частцы грамадскасці Браслава ўдалося пераканаць улады аднавіць справядлівасць у адносінах да помніка на магіле С. Нарбута. Каардынатарам пэўных захадаў у гэтым кірунку стаў музей, які ў той час знаходзіўся ў стадыі станаўлення. Супрацоўнікі музея збіралі сведчанні людзей пра Нарбута, ініцыіравалі ў мясцовым друку публікацыі даследчыкаў, якія зацікавіліся постаццю браслаўскага лекара. Вялізную ролю адыгралі артыкулы Андрэя Майсяёнка (Гродна) і Валянціна Грыцкевіча (Санкт-Пецярбург). У 1989 г. мясцовае кіраўніцтва дазволіла аднавіць помнік. Адразу ж у музеі была падрыхтавана  часовая  драўляная  дошка  з  надпісам: "Нарбут С.Т. 1853 1926. Таленавітаму ўрачу-гуманісту ад удзячных жыхароў Браслаўшчыны". 1 1990 г. пры падрыхтоўцы да святкавання 925-годдзя Браслава помнік быў адрамантаваны, пафарбаваны. Вакол пастамента з'явілася агароджа з ланцуга. Мінскі скульптар Алесь Дранец зрабіў бронзавую памятную дошку з тэкстам на беларускай мове лацініцай: “Stanislau Oscik Narbutt/ 1853 – 1926/ Lekaru udziacnaja Braslauscyna”. Дошку ўпрыгожыла выява нацыянальнага сімвала, старажытнага герба Вялікага княства Літоўскага "Пагоня", якая сімвалізуе заслугі роду Нарбутаў перад Айчынай. Расходы на выраб дошкі ўзялі на сябе гарадскія ўлады, частку грошай сабралі сярод жыхароў Браслаўшчыны.

Помнік зноў стаў адной з адметнасцей Браслава, адным з яго сімвалаў. Праўда, існуе шмат праблемаў, звязаных з яго ўтрыманнем. На вялікі жаль  ужо некалькі гадоў не працуе ліхтар. Белая фарба вельмі хутка псуецца пад уздзеяннем атмасферы вільгаці. На паверхні помніка з'яўляецца шмат надпісаў і малюнкаў. Вельмі часта вандалы перакульваюць слупкі агароджы з ланцугом. Час ад часу помнік удаецца паднавіць, але, на жаль, улады не разумеюць унікальнасці гэтага помніка і не праяўляюць належнага клопату аб ім. Верыцца, што будзе час, калі гэтая абыякавасць будзе пераадолена, знойдуцца магчымасці, каб утрымліваць помнік заўсёды ў выдатным стане. Верыцца, што настане час, калі на вяршыні абеліска зноў клапатлівая рука будзе запальваць ліхтар. Што зноў над Браславам заззяе агеньчык, які будзе ўсім нагадваць пра неардынарнага чалавека — браслаўскага лекара Станіслава Нарбута. Некалі вельмі трапна назвалі гэты агеньчык сімвалам самаахвярнай працы лекара дзеля людзей. Сапраўды, успомнім словы пра паходню Гіпакрата: "Свецячы іншым, згараю сам".

Помнік на Замкавай Гары без сумнення дастойны памяці лекара С. Нарбута, але вельмі важна, каб мы былі дастойны гэтага сімвала.

 

Літаратура

1. Браслаўскія сшыткі. – 2000. – № 4. – С. 69–130.

 

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2008