галоўная  >  прыдзвінскі край  >  браслаўскі раён  > КУЛЬТУРА  >

 

НАРОДНАЯ ТВОРЧАСЦЬ  >

 

Для Браслаўшчыны ўласцівы багацейшы песенны фальклор, у якім знайшлі адлюстраванне ўсе старонкі жыцця простых людзей. Фалькларыстамі ў дарэвалюцыйны час і ў больш познія перыяды, у сучаснасці запісана на Браслаўшчыне шмат узораў беларускай песеннай творчасці, прыказак і прымавак.

Важнае месца ў духоўнай культуры займала інструментальная музыка. З вельмі старажытных часоў на Браслаўшчыне былі вядомы многія прымітыўныя музычныя інструменты і забаўкі – разнастайныя пішчолкі, свісцёлкі, дудачкі, трашчоткі. Яны вырабляліся з гліны, дрэва, бяросты, кары, пёраў хатніх птушак, бляхі. Традыцыі іх вырабу перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Шмат падобных інструментаў вырабляе У. Аўкштоль з Браслава. Яшчэ ў 40-50 гады ХХ ст. на Браслаўшчыне можна было сустрэць пастухоў, якія карысталіся трубамі–берасцянкамі. Іх даўжыня даходзіла да двух метраў. Труба мела моцны працяглы гук. Такім інструментам пастух падаваў сігнал на пачатак і завяршэнне пашы, дапамагаў вызначыць месца знаходжання статку. Часам пад трубу выконваліся прыпеўкі.

Да сённяшняга дня некаторыя паляўнічыя ўжываюць рогі – інструменты з высокім яркім гукам. На Браслаўшчыне вядомы паляўнічыя рогі, зробленыя з рогу хатніх жывёл, з бляхі і берасцянкі. Ужываюцца яны пры арганізаваным паляванні для падачы розных сігналаў і пры паляванні з сабакамі.

Бытавала на Браслаўшчыне дуда – духавы інструмент, вядомы з 16 ст. Яна ўяўляе сабой скураны мех з маленькай дудкай-соскай для напаўнення мяха паветрам і некалькі ігравых труб. Старажылы памятаюць вандроўнага музыку Юрку Дудара, які ў пачатку ХХ ст. абходзіў многія вёскі і мястэчкі на Браслаўшчыне.

Найбольш распаўсюджанымі інструментамі сярод музыкаў Браслаўшчыны ў першай палове ХХ ст. былі цымбалы, скрыпка, гармонік, бубен. Пры збіранні калекцыі музычных інструментаў для краязнаўчага музея выяўлены цымбалы, зробленыя В. Высоцкім з в. Опліса, Б. Шакелем з в. Луні, С. Сарулем з Браслава.

Скрыпку на Браслаўшчыне называлі царыцай музыкі. Народныя музыкі ігралі на самаробных інструментах, карысталіся таксама і фабрычнымі. Сярод музыкаў Браслаўшчыны, якія ігралі на скрыпках уласнага вырабу, вядомы І. Ермалёнак з в. Слабодка, С. Рыхтар з в. Завер’е, А. Рыдзіка з в. Барадзінічы.

У кароткі час папулярным інструментам на Браслаўшчыне стаў гармонік. Яшчэ ў пачатку ХХ ст. гэты інструмент быў тут амаль невядомы. Калі жыхар в. Брылеўшчына К. Шакель выпісаў гармонік з Пецярбурга, паглядзець на дзіўны інструмент прыходзілі не толькі аднавяскоўцы, але і людзі з навакольных вёсак. Паступова вырабляць гармонікі навучыліся мясцовыя ўмельцы, напрыклад, Ю. Навічонак з в. Укля, У. Балтрукевіч з в. Лапяны, Максімовіч з в. Бяльмонты. Найбольш вядомымі майстрамі былі браты Лютынскія з в. Пагост. У калекцыі Браслаўскага краязнаўчага музея прадстаўлены некалькі інструментаў іх вытворчасці, прыгожа аздобленыя інкрустацыяй.

Пры ансамблевым выкананні мелодый ужываліся бубны. З духавых інструментаў - кларнеты. Доўгі час на кларнеце іграў П. Лук’янскі з в. Думарышкі. Свой інструмент музыка атрымаў у падарунак пасля паспяховага выступлення ваеннага аркестра перад імператарам Мікалаем I.

Даволі шырока былі распаўсюджаны шумёлы – наборы бразготак на скураным поясе, якія ў час святаў прывязвалі да хамутоў.

Ёсць асобныя згадкі аб бытаванні на Браслаўшчыне ў пачатку 20 ст. цытры – струннага шчыпковага інструмента, у 20–30 гады – балалаек, віяланчэляў, мандалін.

Музыкі з в. ЛуніАдной з традыцый народнай музычнай культуры Браслаўшчыны было існаванне часовых гуртоў музыкаў - капэляў. Музыкі збіраліся для ігры на вяселлях, вечарынах, іншых святах. Вясельныя капэлі былі невялікія – два-тры чалавекі. На вечарынах збіралася і больш музыкантаў. У час вялікіх касцёльных святаў музыкі ўдзельнічалі ў службе. Падбор інструментаў залежаў ад мясцовых традыцый, наяўнасці тых ці іншых музыкантаў. Найбольш часта сустракаліся такія спалучэнні інструментаў: цымбалы – скрыпка – гармонік, або кларнет – цымбалы – бубен – гармонік, або скрыпка – гармонік, цымбалы – скрыпка. Некаторыя капэлі існавалі не адзін дзесятак гадоў, славіліся на ўсю акругу. Часта капэлі складаліся з членаў адной сям’і, напрыклад, капэлі братоў Карневічаў з в. Астанеўцы. Амаль усе музыкі асвойвалі інструменты самастойна з дапамогай старэйшых. Такім чынам перадавалася не толькі майстэрства, але і рэпертуар. Звычайна капэля валодала 30–40 мелодыямі.

У вёсцы Стаўрова Браслаўскага раёна працуе група, якая валодае аутэнтычным фальклорам. Гэта фальклорная група ў 1998 г. стала дыпламантам абласнога конкурсу ў рамках І рэспубліканскага фестывалю самадзейнай творчасці “Беларусь – мая песня”. Вакальная група Друеўскага ДК выконвае стылізаваны фальклор. У рэпертуары народнага фальклорнага ансамбля “Вярба” Дрысвяцкага ДК пераважаюць беларускія, польскія песні.

Найбольш распаўсюджанымі традыцыйнымі танцамі на Браслаўшчыне з’яўляюцца кадрыль, полька, вальс. Пад уздзеяннем мясцовых харэаграфічных традыцый яны змяніліся, набылі характэрныя асаблівасці, каларыт. Варыянт беларускай народнай кадрылі, якую танцавалі на Браслаўшчыне, насіў назву “Лянцей”. Полька на Браслаўшчыне мае рысы прыбалтыйскага харэаграфічнага фальклору. Гэта “Рэнь–полька”, “Грэц–полька”.

 

ЛІТАРАТУРА

1. З песеннай спадчыны Браслаўшчыны // Памяць : Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал. К.В. Велічковіч [і інш.]. – Мн., 1998. – С. 630633.

2. Махоўская, І. Радзінныя традыцыі і абрады Браслаўшчыны / І. Махоўская // Браслаўская звязда. – 2000. – 23 жн.

3. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў : у 6 т. / Т.Б. Варфаламеева [і інш.]. – Мн., 2004. – Т. 2.  Віцебскае Падзвінне. – 910 с.

4. “Тры каралі” // Браслаўская звязда. – 1999. – 2 чэрв.

5. Шыдлоўскі, К. І са скрыпкаю, і з дудою... / К. Шыдлоўскі // Памяць : Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал. К.В. Велічковіч [і інш.]. – Мн., 1998. – С. 633635.

 

ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ   ГарадЫ ВОБЛАСЦІ   ГЕРАЛЬДЫКА

ПІСЬМЕннікі, паэты, літаратары   МАСТАКІ   ВЫДАТНЫЯ І ЗНАКАМІТЫЯ ЛЮДЗІ

ГЕРОІ САВЕЦКАГА САЮЗА   ГЕРОІ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ПРАЦЫ

Галоўная  Карта сайта

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2009