галоўная  >  прыдзвінскі край  >  браслаўскі раён  > КУЛЬТУРА  >

 

РЭЛІГІЯ  >

 

Браслаўскі раён, як і ўся наша краіна, шматканфесійны. На яго тэрыторыі дзейнічае 37 рэлігійных суполак, якія належаць шасці веравызнанням. Сярод іх – 17 рымска–каталіцкіх, 8 праваслаўных, 8 стараверскіх, 2 евангельскіх хрысціян- баптыстаў, 1 хрысціян веры евангельскай, 1 мусульманская. Па колькасці рэлігійных суполак Браслаўскі раён займае першае месца ў вобласці.

Рэлігійныя служэнні праходзяць у 14 касцёлах, 7 праваслаўных, 8 стараверскіх царквах, 1 мячэці, службы евангельскіх хрысціян-баптыстаў і хрысціян веры евангельскай – у малітоўных дамах, якія належаць гэтым суполкам.

Браслаўская каталіцкая парафія была ўтворана ў межах Віленскай дыяцэзіі ў 1388 г. У 1669 г. у складзе дыяцэзіі налічвалася 26 дэканатаў. Узначальваў каталіцкую акругу ксёндз–дэкан, які адначасова быў настаяцелем прыходскага касцёла.

У 30-я гады ХХ ст. на тэрыторыі Браслаўскага павета існавалі 2 дэканаты – Мёрскі, які аб’ядноўваў парафіі ўсходняй часткі павета, і Браслаўскі. Паводле ўдакладненняў 1993 г. Браслаўскі дэканат з сядзібай у Слабодцы ахоплівае парафіі на тэрыторыі Браслаўскага, Расонскага і Верхнядзвінскага раёнаў. У склад дэканата ўваходзяць наступныя парафіі Браслаўшчыны: Браслаўская, Відзаўская, Друйская, Дрысвяцкая, Далёкаўская, Бяльмонцкая, Іказненская, Замошская, Мяжанская, Пеліканская, Слабодская, Урбанская, Плюская. Адзін за адным хутка аднаўляліся прыходы, рамантаваліся занядбаныя храмы, будаваліся новыя: Мяжанскі, Урбанскі, Ахрэмаўскі.

Пры Браслаўскім касцёле Раства Найсвяцейшай Дзевы Марыі існуе сістэма катэхізацыі дзяцей – абучэнне асновам рэлігіі, падрыхтоўка да першай камуніі. У Браславе, у найбольш значных вёсках, дзеці перыядычна збіраюцца на заняткі, якія праводзіць арганістка, ці сёстры–законніцы. Зараз такім навучаннем ахоплена каля 300 дзяцей Браслаўскай парафіі.

Больш 60 гадоў пры Браслаўскім касцёле дзейнічае манаскі Дом сясцёр–служэбніц Езуса ў Эўхарыстыі, або сясцёр–эўхарыстак. Ён быў заснаваны ў 1939 г. Сёстры–эўхарысткі дзейнічаюць у парафіях, аказваюць дапамогу ў ажыццяўленні рэлігійнага жыцця, клапоцяцца аб старых, нямоглых, хворых людзях, даглядаюць храмы, упрыгожваюць іх да святаў, выпякаюць камунікаты, выконваюць розную хатнюю працу.

Галоўнай хрысціянскай святыняй Браслаўшчыны з’яўляецца абраз Маці Божай Браслаўскай. Ён зберагаецца ў алтары касцёла і адкрываецца ў час найбольш урачыстых набажэнстваў. Абраз паходзіць з Браслаўскага мужчынскага манастыра, які існаваў на адным з астравоў возера Неспіш. Храм на востраве славіўся цудадзейным абразам Маці Божай.У пэўныя дні на полі перад возерам збіраўся вялізны натоўп вернікаў. Абраз выносілі з царквы, каб усе маглі ўбачыць святыню. Людзі спадзяваліся, што яна здольна пазбавіць іх ад хвароб, заступіцца за пакрыўджаных.У 1832 г. манастыр згарэў ад удару маланкі, але абраз ацалеў. Паводле аднаго з паданняў святыню на наступны дзень пасля пажару знайшлі на суседнім востраве і перанеслі ў Браслаўскі касцёл. Маці Божую Браслаўскую называюць яшчэ Валадаркай азёраў. Яна лічыцца заступніцай Браслава і ўсяго сінявокага краю.

Да канца 80-х гадоў на тэрыторыі Браслаўскага раёна былі адчынены толькі 2 праваслаўныя царквы – Браслаўская Свята-Успенская і Богінская Пакроўская, якія адносіліся да Глыбоцкага благачыння. Браслаўскае благачынне, якое было адноўлена ў 1990 г. і аб’ядноўвае прыходы адміністрацыйнага раёна, складаецца з наступных прыходаў: Браслаўскага, Друйскага, Іказненскага, Замошскага, Дрысвяцкага, Казянскага, Богінскага. Благачынным з’яўляецца святар Браслаўскай царквы айцец Анатоль Іваноў.

З 1993 г. пры Браслаўскай царкве пачала працаваць нядзельная школа. Спачатку школа дзейнічала ў пакоі пры раённай бальніцы, а з 1996 г. заняткі праходзяць у будынку былой ЦПШ. Школу наведвае каля 40 дзяцей, якія дзеляцца на старэйшую і малодшую групы. Дзеці вывучаюць Закон Божы, Свяшчэннае пісанне. Нядзельная школа працуе таксама і пры Замошскай царкве.

Пасля зняцця многіх абмежаванняў на рэлігійную дзейнасць,  браслаўскія хрысціянскія суполкі сталі браць удзел у грамадскім жыцці горада. У раённым Доме культуры адбываюцца канцэрты, прадстаўленні, якія ладзіць маладзёжны актыў каталіцкай парафіі. Пры касцёле ёсць добры харавы калектыў, якім кіруе арганістка Іна Сапун. Хор быў удзельнікам фестываляў сакральнай музыкі “Магутны Божа”, выступаў у Мінску. Касцёл актыўна працуе з моладдзю, маладымі сем’ямі.

Значнымі падзеямі ў хрысціянскіх прыходах Браслава сталі ўрачыстасці з нагоды 100–гадовых юбілеяў касцёла і царквы. Царкоўны прыход адзначыў юбілей 28 жніўня, у дзень свята Прачыстай Прасвятой Багародзіцы, а каталіцкая парафія – 8 верасня ў дзень нараджэння Маці Божай. Ва ўрачыстасцях бралі ўдзел шматлікія вернікі, праваслаўныя і каталіцкія святары Браслаўшчыны, суседніх раёнаў. На юбілеі царквы прысутнічаў епіскап полацкі і глыбоцкі Феадосій, а на ўрачыстасцях у касцёле – кардынал Казімір Свёнтак.

У жніўні 2003 г. полацкай праваслаўнай епархіі быў бязвыплатна перададзены былы будынак раённай бальніцы для стварэння ў ім манастырскага скіта Спаса–Еўфрасіннеўскага манастыра. Будынак адрамантаваны, манастыр ужо дзейнічае.

Па звестках перапісу насельніцтва ў Браслаўскім раёне пражывала каля 6000 рускіх, большасць якіх складаюць стараверы. Зарэгістравана 6 стараверскіх суполак. Малельні дзейнічаюць у Браславе, Відзах, Друі, Булавішках, Кірыліне, Буеўшчыне. Стараверы Браслаўшчыны належаць да паморскага кшталту беспапоўскага накірунку, прыхільнікі якога прытрымліваюцца поглядаў, што для выратавання душы непатрэбны святары, што кожны хрысціянін з’яўляецца святаром. Набажэнствы ў беспапоўцаў праводзяцца выбранымі духоўнымі настаўнікамі.

 

Браслаўскі касцёл Раства Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Від з Замкавай гары. Абраз Маці Божай Браслаўскай. Фрагмент галоўнага алтара Браслаўскага касцёла Раства Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Браслаўская Свята-Успенская царква. Від з Замкавай гары. Адрамантаваны былы будынак раённай бальніцы. Зараз манастырскі скіт Спаса–Еўфрасіннеўскага манастыра.

 

Асноўнае месца пражывання татараў на Браслаўшчыне – Відзы. Суполка тут узнікла ў канцы ХVІІІ ст., як калонія агароднікаў. У 1816 г. арганізуецца магаметанскі прыход, у 1857 г. узводзіцца драўляная мячэць. Дзякуючы мячэці, Відзы сталі духоўным цэнтрам для мусульман даволі значнай тэрыторыі. Святар татарскай мячэці – мула - карыстаўся вялізным аўтарытэтам сярод членаў суполкі. Ён быў не толькі духоўным настаўнікам, але і дарадчыкам, суддзёй у свецкіх справах, вёў мятрычныя кнігі. У красавіку 1994 г. зарэгістравана адноўленая мусульманская суполка, якая складаецца з 40 чалавек.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Браслаўскія святары // Браслаўскія сшыткі. – 1997. - №2. – С. 94–96.

2. Валахановіч, А. Слабадская Свята – Георгіеўская царква / А. Валаховіч // Праваслаўе. – 2001. - №10. – С. 96– 100.

3. Гармель, И. Огонёк в душе / И. Гармель // Белорусская нива. – 2006. – 20 мая. – С. 12.

4. Жук-Грышкевіч, Р. Векапомнае / Р. Жук-Грышкевіч // Павет (Браслаў). – 2003. - №3. (сакавік). – С. 3–4.

5. З гісторыі Браслаўскага манастыра // Браслаўскія сшыткі. – 1997. - №2. – С. 28–31.

6. Казакевич, Д. Браславская Пасха / Д. Казакевич // Витебский проспект. – 2005. – 1 апр.

7. Касцёл і царква ў канцы XVIII-пачатку XIX cтст. // Браслаўскія сшыткі. – 1997. - №2. – С. 4153.

8. Матэрыяльная і духоўная спадчына Браслаўскага краю // Памяць : Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал. К.В. Велічковіч [і інш.]. – Мн., 1998. – С. 601–616.

9. Пашкевіч, Т. Жыць у цвярозасці / Т. Пашкевіч // Браслаўская звязда. – 2006. – 1 сак.

10. Пашкевіч, Т. Свята Маці Божай – апякункі зямлі нашай / Т. Пашкевіч // Браслаўская звязда. – 2002. – 28 жн.

11. Шпаковская, Г. Во имя духовного исцеления / Г. Шпаковская // Народнае слова. – 2006. – 13 чэрв.

 

ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ   ГарадЫ ВОБЛАСЦІ   ГЕРАЛЬДЫКА

ПІСЬМЕннікі, паэты, літаратары   МАСТАКІ   ВЫДАТНЫЯ І ЗНАКАМІТЫЯ ЛЮДЗІ

ГЕРОІ САВЕЦКАГА САЮЗА   ГЕРОІ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ПРАЦЫ

Галоўная  Карта сайта

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2009