галоўная  >  прыдзвінскі край  >  браслаўскі раён  > КУЛЬТУРА  >

 

ДРУК  >

 

19 студзеня 1919 г. выйшаў першы нумар газеты “Браслаўская камуна”. Гэты друкаваны орган належаў Браслаўскаму рэвалюцыйнаму камітэту. Але больш ніякіх звестак пра гэтае выданне не захавалася.

Пасля аб’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі адначасова са шматлікімі пераўтварэннямі ў створаным Браслаўскім раёне з’явілася сваё перыядычнае выданне – газета “Звязда”. “Браслаўскай” яна стала пазней, у 1963 годзе. Газета з’яўлялася органам Браслаўскага павятовага камітэта кампартыі і павінна была адыгрываць ролю ідэалагічнага фарпоста Савецкай улады на захадзе Беларусі. Першы нумар выйшаў 1 кастрычніка 1939 г. Рэдакцыя і друкарня знаходзіліся ў будынку сучаснага краязнаўчага музея. Першым яе рэдактарам быў А.Ц. Васілеўскі. Спачатку газета друкавалася на дзвюх старонках невялікага памеру, а з № 8 стала большай па фармаце. Першыя нумары выдання не ўтрымлівалі ніякай мясцовай інфармацыі. На яе старонках часта з’яўляліся тэлеграмы, лісты, віншаванні ад працоўных Браслаўшчыны Ураду і самаму Сталіну. У 1939 г. у газеце паведамлялася аб перайменаванні вуліц Браслава. Частымі, асабліва ў 1940-1941 гг., былі паведамленні аб школах, іх колькасці. Вясной 1941 г. з’явіліся першыя звесткі аб ходзе сельгасработ. Тыраж “Звязды” ў 1939 г. быў спачатку некалькі соцен і дасягнуў дзвюх тысяч. Пастаянным рэдактарам была Хая Навумаўна Мерхасіна. Яна ўзначаліла газету ў ліпені 1940 г. У часы вайны яна была ў эвакуацыі, пасля вярнулася ў Браслаў і з канца 1944 г. зноў узначаліла газету. Доўгі час газету ўзначальваў М. Башлакоў, а з пачатку 80–х і да 2004 года – Н. Цярэнцьеў.

Зараз галоўным рэдактарам газеты “Браслаўская звязда” з’яўляецца К. Пятушка. Газета, якая з’яўляецца органам Браслаўскага раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, усебакова асвятляе жыццё раёна: развіццё сельскай гаспадаркі, прамысловасці, адукацыі, культуры. Газета выходзіць 2 разы на тыдзень, па серадах і суботах на двух лістах. На першай старонцы друкуюцца матэрыялы аб рабоце раённых органаў улады, афіцыйныя дакументы, звесткі аб узнагароджаннях. Другая старонка расказвае аб рабоце асобных прадпрыемстваў і арганізацый, аб цікавых людзях раёна. Трэцяя старонка суботняга выпуску газеты выходзіць пад рубрыкай “Суботнім вечарам” і ўтрымлівае звесткі забаўляльнага характару. Цікавы матэрыял аб жыцці моладзі змяшчае маладзёжная старонка “Змена”. Ужо шмат гадоў на старонцы пад рубрыкай “Блакітны разліў” друкуюцца творы маладых паэтаў і пісьменнікаў Браслаўшчыны. На старонцы пад рубрыкай “Родныя прасторы” змяшчаецца матэрыял аб прыродзе Браслаўшчыны, яе ахове, аб экалагічным становішчы ў раёне. Матэрыял аб стане злачыннасці ў раёне змяшчаецца пад рубрыкай “З залы суда”. Друкуюцца таксама матэрыялы пад рубрыкамі “Навіны культуры”, “Весткі з бібліятэк”, “Весткі з сельскіх саветаў”. Апошняя старонка газеты прысвечана рэкламе. У апошні час у газеце сталі друкаваць шмат цікавых фотаздымкаў.

Газета “Браслаўская звязда” друкуецца ў КПУП “Наваполацкая друкарня”. Яе тыраж 4927 экз.

 

ЛІТАРАТУРА

1. “Браслаўская звязда” // Сродкі масавай інфармацыі Віцебскай вобласці / Л.Д. Мышлёнак. – Віцебск, 2003. – С. 12.

2. “Браслаўскай звяздзе” – 60 год // Віцебскі рабочы. – 1999. – 21 кастр.

3. Панцялейка, А. “Браслаўская звязда” (1939-1949 гг.) : пачатак і гісторыя фармавання раённай газеты / А. Панцялейка // Браслаўскія чытанні : матэрыялы V-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі прысвечанай 935 годдзю згадкі Браслава ў пісьмовых крыніцах / К. Шыдлоўскі [і інш.]. – Браслаў, 2001. – С. 70–71.

4. Панцялеенка, А. Першыя газеты Браслаўшчыны / А. Панцялеенка // Браслаўская газета. – 2000. – 20 верас.

5. Трамбіцкі, Е.А. Гаспадарчы разлік у дзеянні / Е.А. Трамбіцкі // Віцебскі рабочы. – 1966. – 6 верас.

 

ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ   ГарадЫ ВОБЛАСЦІ   ГЕРАЛЬДЫКА

ПІСЬМЕннікі, паэты, літаратары   МАСТАКІ   ВЫДАТНЫЯ І ЗНАКАМІТЫЯ ЛЮДЗІ

ГЕРОІ САВЕЦКАГА САЮЗА   ГЕРОІ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ПРАЦЫ

Галоўная  Карта сайта

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2009