галоўная  >  прыдзвінскі край  >  браслаўскі раён > КУЛЬТУРА  >

 

МУЗЕІ  >

Браслаўскі гісторыка–краязнаўчы музейБраслаўскі гісторыка–краязнаўчы музей заснаваны ў 1984 годзе ў г. Браславе на базе школьнага музея. Афіцыйнае яго адкрыццё адбылося 23 кастрычніка 1988 года. Размешчаны ў доме, пабудаваным у пачатку 30-х гадоў ХХ ст. для прыватнай друкарні. Мае 6 экспазіцыйных залаў (плошча экспазіцыі 147,5 м2).

Стварэнне раённага музея пачыналася з 80 экспанатаў, што дасталіся яму ад музея СШ № 1. Асноўны цяжар па стварэнні музея лёг на плечы сённяшняга дырэктара Галіны Станіславаўны Падалян і старэйшага навуковага супрацоўніка Канстанціна Сяргеевіча Шыдлоўскага. Галіна Станіславаўна праявіла сябе таленавітым арганізатарам і гаспадарнікам, а Канстанцін Сяргеевіч узяў на сябе ўсю краязнаўчую і навуковую працу. Агульнымі намаганнямі яны сабралі багацейшы матэрыял па гісторыі Браслаўшчыны, яе знакамітых людзях, традыцыйных рамёствах, што ляглі ў экспазіцыю музея. Яго фонды выраслі да 18 тысяч адзінак. Музей мае больш 20 калекцый разнастайных рэчаў. Па колькасці экспанатаў, іх значнасці Браслаўскі гісторыка–краязнаўчы музей не саступае музеям больш высокага рангу.

Экспазіцыя Браслаўскага гісторыка-краязнаўчага музеяУ археалагічным аддзеле музея – прылады працы эпохі неаліту, бронзавага веку, матэрыялы даследаванняў гарадзішчаў жалезнага веку, курганных могільнікаў, паселішчаў перыяду Полацкага княства, у тым ліку комплекс жаночых упрыгожванняў ХІ стагоддзя з курганнага могільніка Укля, крыжыкі–энкалпіены, полая падвеска–конік, косці жывёл з выявамі з гарадзішча Маскавічы. Таксама адлюстравана гісторыя Браслаўшчыны часоў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, падзеі Айчыннай вайны 1812 года, паўстанняў. Сярод экспанатаў кафля і зброя замка ў Іказні, кафля, посуд і манеты з сярэднявечнай Друі. Экспануюцца матэрыялы пачатку ХХ ст., перыяду ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад Польшчы.

Этнаграфічны  матэрыял  прадстаўлены комплексам “Куток  сялянскай хаты канца ХІХ – пач. ХХ ст.” вырабамі ткацтва, ганчарства, пляцення, народнымі музычнымі інструментамі. У зале “Вялікая Айчынная вайна на Браслаўшчыне” сабраны экспанаты пра дзейнасць падпольных арганізацый, партызанскіх атрадаў і брыгад, пра вызваленне краю ад нямецка–фашысцкіх захопнікаў.

Асобныя экспазіцыі прысвечаны краязнаўцам Браслаўшчыны, ураджэнцу Браслаўшчыны беларускаму мастаку П. Сергіевічу, доктару С. Нарбуту. У фондах музея захоўваюцца поўныя калекцыі даследванняў неалітычнай стаянкі Дубкі, гарадзішча Маскавічы, Браслава, Дрысвят, бескурганнага могільніка Пашавічы.

Музей зяўляецца таксама навукова–даследчай установай. З 1989 года ў Браслаўскім краязнаўчым музеі праводзяцца міжнародныя навукова–краязнаўчыя канферэнцыі “Браслаўскія чытанні”. Музей стаў арганізатарам і ўдзельнікам шматгадовых археалагічных даследванняў. Яго супрацоўнікі, як знаўцы даўніны і сучаснасці краю, - аўтары шматлікіх публікацый аб Браслаўшчыне, змешчаных у апошніх энцыклапедычных выданнях рэспублікі. Апрача таго, імі выдаюцца зборнікі “Браслаўскія сшыткі”, “Браслаўскія чытанні”, дапаможнік па гісторыі для настаўнікаў раёна, разнастайныя буклеты і рэкламныя праспекты. Шмат артыкулаў друкуецца ў перыядычных выданнях, выходзіць штомесячная краязнаўчая газета “Павет”.

З часам разнастаіліся формы работы музея. Экскурсіі праводзяцца не толькі ў музеі. Ёсць тэматычныя і аглядальныя. Праводзяцца музейныя ўрокі для навучэнцаў школ горада. Неад’емнай часткай агульнай работы стала дапамога школам у стварэнні музеяў. Новыя рысы набыло краязнаўства. З павярхоўнага яно стала больш глыбінным. З вучняў гарадскіх школ створаны клуб юных краязнаўцаў.

Для знаёмства з унікальнымі калекцыямі музея пастаянна арганізуюцца стацыянарныя і выязныя выставы. Прызнанне ў браслаўчан атрымалі такія традыцыйныя выставы, як “Калядныя ўзоры,” “Жанчыны сярод кветак”, экспазіцыі работ мастакоў і майстроў клуба “Ля возера”. Калекцыі музейных прадметаў выстаўляліся ў вобласці і рэспубліцы. Без удзелу Браслаўскага музея і клуба “Ля возера” не ўяўляюцца сёння  ні фестываль “Браслаўскія зарніцы”, ні Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, ні пастаўскія святы “Звіняць цымбалы і гармонік”.

Музей пастаянна пашырае сваю дзейнасць. Атрымаў званне “народны” клуб мастакоў і майстроў “Ля возера”, з’явіліся выставачная зала, музей рамёстваў, ствараецца музей прыроды. Усе яны сталі адным цэлым. Рашэннем Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ад 11.12.1995 г. было створана Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў, у склад якога ўвайшлі:

Краязнаўчы музей

Музей традыцыйнай культуры:             

    Музей рамёстваў;                                            

    Карчма;

    Заезны двор;

Музей прыроды і этнаграфіі з экспазіцыяй камянёў і драўлянай скульптуры;                               

Фондасховішча;                           

Аб’яднанне майстроў “Ля возера”.

 

Браслаўскае музейнае аб'яднанне прапануе:

аглядальныя і тэматычныя экскурсіі па экспазіцыях;

экскурсіі па гарадзішчы Замкавая Гара і Браславе;

лекцыі па гісторыі культуры Браслаўшчыны;

заняткі ў Музеі традыцыйнай культуры па накірунках: ганчарства, ткацтва, саломапляценне, лозапляценне, разьба па дрэве, рукадзелле;

музейна-педагагічныя заняткі для школьнікаў;

гістарычныя даведкі і кансультацыі па пытаннях гісторыі Браслаўшчыны;

выязныя выставы, у т.л. і з удзелам народных майстроў;

карыстанне музейнай бібліятэкай

 

ЛІТАРАТУРА

1. Браслаўскае музейнае аб’яднанне. Гістарычна-краязнаўчы музей / К. Шыдлоўскі ; фотамастак І. Супранёнак. – Наваполацк, 2001. – 6 с.

2. Браслаўскі гісторыка-краязнаўчы музей // Памяць : Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал. К.В. Велічковіч [і інш.]. – Мн., 1998. – С. 643 644.

3. Браслаўскі гісторыка-краязнаўчы музей // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал. Б.І. Сачанка [і інш.]. – Мн., 1994. – Т. 2. – С. 68.

4. Зборнік прац навуковых супрацоўнікаў аб’яднання за 2001 г. / уклад. К. Шыдлоўскі. – Браслаў, 2002. – С. 21 43.

5. Шыдлоўскі, К.С. Браслаўскі гісторыка-краязнаўчы музей = Браславский историко-краеведческий музей: даведнік / К.С. Шыдлоўскі. – Мн., 1992. – 126 с.

6. Яцкевіч, Т. Ажывае даўніна / Т. Яцкевіч // Белорусская нива. – 2004. – 11 марта.

ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ   ГарадЫ ВОБЛАСЦІ   ГЕРАЛЬДЫКА

ПІСЬМЕннікі, паэты, літаратары   МАСТАКІ   ВЫДАТНЫЯ І ЗНАКАМІТЫЯ ЛЮДЗІ

ГЕРОІ САВЕЦКАГА САЮЗА   ГЕРОІ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ПРАЦЫ

Галоўная  Карта сайта

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2009