галоўная  >  прыдзвінскі край  >  Браслаўскі раён  > КУЛЬТУРА  >

 

БІБЛІЯТЭКІ  >

 

У горадзе Браславе да 1939 года на ўвесь павет была адна публічная бібліятэка, якая насіла назву “кнігарня”. Размяшчалася яна на вуліцы Юзафа Пілсудскага (зараз вул. Ленінская), у будынку, які зараз знесены. Кнігі ў асноўным былі на польскай мове.

У 1939 г. пасля вызвалення Заходняй Беларусі ад гнёту панскай Польшчы, была адчынена новая бібліятэка. Яе загадчыцай стала Роза Маісееўна Голсман. Аб кніжным фондзе бібліятэкі і аб тым, дзе яна знаходзілася, звестак не захавалася. У час нямецкай акупацыі кніжны фонд бібліятэкі быў знішчаны.

Пасля вызвалення Браслаўшчыны ад нямецка–фашысцкіх захопнікаў на аснове рашэння райвыканкама ад 5 верасня 1944 г. была адчынена Браслаўская раённая бібліятэка, а таксама 4 сельскія хаты–чытальні: Мяжанская, Муражская, Зарачская, Літоўшчынская. У 1945 г. іх было ўжо 18.

Браслаўская раённая бібліятэка была адчынена ў верасні 1944 г. Дакументы аб адкрыцці бібліятэкі знайсці не ўдалося. Захавалася толькі кніга загадаў па Браслаўскім райана аб назначэнні загадчыцай бібліятэкі Калмыковай А.С. і бібліятэкарам Шапіра В.А. (загад ад 15 ліпеня 1945 г.). Бібліятэка размяшчалася ў памяшканні цяперашняй майстэрні па рамонце тэлевізараў па вул. Энгельса. Пачатковы кніжны фонд бібліятэкі быў скамплектаваны за кошт кніг, сабраных сярод насельніцтва і прысланых бібліятэкамі Масквы і Урала. Колькасны і якасны састаў кніжнага фонду невядомы.

Да 1953 г. штат бібліятэкі складаўся з двух чалавек: загадчыка бібліятэкі і бібліятэкара. 21 лютага 1953 г. быў адкрыты перасоўны аддзел і яго загадчыцай была назначана Шульгоўская Валянціна Пятроўна. На гэтай пасадзе яна адпрацавала больш 20 гадоў.

З 1954 па 1956 гады раённай бібліятэкай загадвала Кавалеўская Кацярына Паўлаўна, потым загадчыцай бібліятэкі стала Новікава Людміла Пракоф’еўна.

У 1949 г. у Браславе была адчынена Браслаўская гарадская бібліятэка, але яна праіснавала толькі да 1962 г., потым была аб’яднана з раённай бібліятэкай і пераехала ў памяшканне, якое цяпер займае краязнаўчы музей.

Колькасны і якасны састаў кніжнага фонду Браслаўскай раённай бібліятэкі вядомы з 1958 года, калі ў бібліятэцы прайшла інвентарызацыя, у выніку якой высветлілася, што кніжны фонд бібліятэкі складаў 12 140 экз. кніг, з іх 5236 экз. мастацкай літаратуры і 608 экз. дзіцячай. Пасля аб’яднання раённай і гарадской бібліятэк кніжны фонд вырас і складаў 23 876 экз. За наступныя 10 гадоў яго колькасць павялічвалася наступным чынам: 1963 – 28 530, 1964 – 30 820, 1967 – 31 326 экз. кніг.

З 1 лютага 1960 г. пры раённай бібліятэцы была адчынена чытальная зала. Яе загадчыцай была назначана Малая Нінэль Аляксееўна, якая адпрацавала на гэтай пасадзе да 15 верасня 1967 г., потым на гэтай пасадзе яе змяніла Лёўкіна Валянціна Канстанцінаўна. У 1964 г. загадчыцай Браслаўскай раённай бібліятэкі стала Казлоўская Аляксандра Канстанцінаўна. Яна працавала на гэтай пасадзе да 1974 г., потым яе змяніла Лёўкіна Валянціна Канстанцінаўна. З 1974 г. і па сённяшні дзень раённая бібліятэка размяшчаецца ў памяшканні былога Дома культуры па вул. Савецкай, 110. У 2006 г. чытачамі яе з’яўляліся 3800 чалавек, кніжны фонд налічваў 62650 экз.

Відзаўская бібліятэка была адчынена 26 жніўня 1946 г. Яе арганізатарам і першым загадчыкам была Біруліна М.Ф.  Да 1962 г. гэта была раённая бібліятэка, а пасля аб’яднання Відзаўскага і Браслаўскага раёнаў атрымала статус гарпасялковай. У 1969 г. бібліятэка абслугоўвала 825 чытачоў, яе кніжны фонд складаў 11 514 экз. У цяперашні час бібліятэку наведвае 1400 чытачоў, кніжны фонд – 6400 экз.

Пасля вызвалення Браслаўскага раёна ад нямецка–фашысцкіх захопнікаў 4 жніўня 1944 г. была адчынена Зарачская хата–чытальня. Гэта адна са старэйшых бібліятэк Браслаўскай ЦБС. Спачатку яна размяшчалася ў маленькай старой хатцы, яе кніжны фонд складаўся з кніг, сабраных у насельніцтва (69 экз.), было 18 чытачоў. У 1945 г. у Полацку было куплена для бібліятэкі 250 кніг. У пачатку 1946 г. фонд Зарачскай хаты–чытальні складаў 310 кніг, яна абслугоўвала 80 чытачоў. У 1965 г. бібліятэка перамясцілася ў памяшканне Зарачскага сельскага Савета, дзе займала два пакоі. Яе кніжны фонд складаў 8368 экз., бібліятэка абслугоўвала 313 чытачоў. Доўгі час бібліятэка размяшчалася ў адным будынку з дзіцячым садам. Цяпер яе наведвае 260 чытачоў, кніжны фонд складае 4 тыс. экз.

Богінская бібліятэка была адчынена ў 1946 годзе. Яе першым бібліятэкарам быў Пучынскі П.В. Кніжны фонд складаў 360 экз, потым, у 1948 годзе – 870 экз. Бібліятэка абслугоўвала 130 чытачоў. У пачатку 60-х гадоў бібліятэка абслугоўвала 429 чытачоў, яе кніжны фонд складаў 3073 экз. У 2006 г. чытачамі Богінскай бібліятэкі з’яўляюцца 320 чалавек, кніжны фонд – 8 тыс. экз.

У 1976 г. у краіне праводзілася цэнтралізацыя бібліятэк. Браслаўская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма была створана 1 снежня 1976 года. Яна ўключала ў сябе цэнтральную раённую бібліятэку і 65 бібліятэк – філіялаў. З цягам часу колькасць бібліятэк - філіялаў скарацілася да 38. Значна папоўніўся штат супрацоўнікаў Браслаўскай цэнтральнай бібліятэкі, былі арганізаваны новыя аддзелы: аддзел камплектавання і апрацоўкі кніжнага фонду, методыка–бібліяграфічны аддзел, аддзел кнігазахоўвання. У 1977-1978 гг. бібліятэчная сістэма папоўнілася маладымі спецыялістамі, выпускнікамі Мінскага інстытута культуры і Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума. Ляснеўская В.А., Угарэнка М.П., Храмцова І.А., Лук’янава В.В., Рыдзіка В.К. працуюць у бібліятэцы да сённяшняга дня. У студзені 1997 г. Браслаўскую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму ўзначаліла Ляснеўская В.А.

Ля вытокаў бібліятэчнай справы ў г. Браславе стаяла Шапіра Вера Абрамаўна. Яна нарадзілася ў в. Замошша Браслаўскага раёна. Скончыла Мінскі бібліятэчны тэхнікум. У час Вялікай Айчыннай вайны была сувязной партызанскага атрада. Адразу пасля вайны, у 1945 г. яна прыйшла працаваць у Браслаўскую раённую бібліятэку і аддала ёй 28 гадоў. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак В.А. Шапіра працягвала актыўна займацца грамадскай дзейнасцю.

Кавалеўская Кацярына Паўлаўна нарадзілася ў в. Акунёўка Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1950 годзе скончыла Магілёўскае культпрасветвучылішча і была накіравана на работу ў Браслаўскі РДК на пасаду інструктара, а потым працавала інспектарам аддзела культуры. З 1952 па 1954 год Кавалеўская К.П. працавала на пасадзе загадчыцы Браслаўскай раённай бібліятэкі. З 1962 па 1966 год яна займала пасаду загадчыцы перасоўнага фонду. Амаль 10 гадоў працавала Кацярына Паўлаўна загадчыцай чытальнай залы дзіцячай бібліятэкі. Сваю працоўную дзейнасць яна завяршыла бібліятэкарам аддзела камплектавання і апрацоўкі кніжнага фонду ў 1995 годзе.

Шмат гадоў аддала бібліятэчнай справе Шульгоўская Валянціна Пятроўна. У 1952 годзе яна скончыла курсы бібліятэчнага вучаніцтва пры Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна. У 1953 годзе была накіравана ў Браслаў, дзе заняла пасаду загадчыцы перасоўнага фонду раённай бібліятэкі. Нядоўгі час ёй давялося працаваць загадчыцай раённай бібліятэкі. З 1977 па 1988 год Валянціна Пятроўна ўзначальвала аддзел камплектавання і апрацоўкі кніжнага фонду. Зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

Лёўкіна Валянціна Канстанцінаўна нарадзілася і да гэтага часу жыве ў г. Браславе. У 1967 годзе прыйшла працаваць у чытальную залу раённай бібліятэкі. У гэты час яна завочна скончыла бібліятэчнае аддзяленне Мінскага педагагічнага інстытута. У 1972 годзе Валянціна Канстанцінаўна была назначана на пасаду загадчыцы раённай бібліятэкі, а ў 1977 годзе стала дырэктарам Браслаўскай ЦБС і адпрацавала на гэтай пасадзе да 1996 года. Зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

Шульгоўская Валянціна Пятроўна і Лёўкіна Валянціна Канстанцінаўна да цяперашняга часу не губляюць сувязяў з Браслаўскай бібліятэкай. Яны з’яўляюцца актыўнымі членамі аматарскага аб’яднання “Сустрэча”, якое працуе пры цэнтральнай бібліятэцы.

У Мількаўскай бібліятэцы працуе Зотава Францішка Іосіфаўна, якая аддала бібліятэчнай справе больш 30 гадоў. Вопытны бібліятэкар, энтузіяст сваёй справы, за час бесперапыннай працы ў Мількаўскай бібліятэцы яна дасканала вывучыла чытачоў сваёй зоны абслугоўвання і карыстаецца сярод іх вялікім аўтарытэтам.

Калейша Вікторыя Іванаўна ўзначаліла Казянскую бібліятэку 18 мая 1972 года. Завочна скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Усе 33 гады работы ў бібліятэцы карысталася заслужаным аўтарытэтам сярод чытачоў і павагай сваіх калег. У 2005 годзе Вікторыя Іванаўна пайшла на заслужаны адпачынак.

Гарніш Лідзія Іванаўна прыйшла працаваць у Відзы–Лаўчынскую бібліятэку ў 1976 годзе. Завочна скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. У 1984 годзе Лідзія Іванаўна ўзначаліла Вайнюнскую бібліятэку. Адукаваны спецыяліст, яна заўсёды падтрымлівае высокі ўзровень работы, з’яўляецца ўдзельнікам і пераможцам раённых і абласных конкурсаў па бібліятэчнай справе.

Больш 30 гадоў адпрацавалі ў Браслаўскай цэнтральнай бібліятэцы загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Шакель Людвіга Уладзіміраўна і загадчыца аддзела камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага фонду ЦБС Сяліцкая Галіна Іванаўна. Выдатныя спецыялісты і цудоўныя жанчыны, яны карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам сярод калег, дзеляцца сваім багатым вопытам з маладымі бібліятэкарамі.

Па стане на 1 студзеня 2007 года Браслаўская ЦБС налічвае 39 бібліятэк, з іх 1 цэнтральная, 2 дзіцячыя, 1 гарпасялковая і 35 сельскіх бібліятэк-філіялаў. Бібліятэкі абслугоўваюць 19 622 чытачы, кнігавыдача за 2006 год склала 397322 экз. кніг і перыядычных выданняў. Кніжны фонд налічвае 301305 экз. Пры бібліятэках працуюць 16 аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах. 32 бібліятэкі працуюць па мэтавых праграмах розных напрамкаў: адраджэнне беларускай нацыянальнай культуры, экалагічнае, эстэтычнае, прававое выхаванне, прапаганда здаровага ладу жыцця. Штогод бібліятэкі Браслаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы прымаюць удзел у рэспубліканскіх і абласных конкурсах па розных напрамках бібліятэчнай работы, а Ахрэмаўская, Вайнюнская, Слабодкаўская, Пагашчанская, Зарачская, Браслаўская цэнтральная бібліятэкі былі іх пераможцамі.

Усе бібліятэкі ўкамплектаваны кадрамі: з 67 бібліятэчных работнікаў 23 маюць вышэйшую, 34 - сярэднюю спецыяльную адукацыю.

Палепшылася матэрыяльная база бібліятэк, яны маюць 15 камп’ютэраў: 8 - у ЦБ, 1 - у Браслаўскай дзіцячай бібліятэцы, 1 - у Відзаўскай гарпасялковай бібліятэцы, 5 - у бібліятэках, якія працуюць ў аграгарадках.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Івін, А. Разгортваючы абанементныя карткі ... / А. Івін // Звязда. – 1960. – 28 верас.

2. Клішкоў, Д. Калядныя падарункі / Д. Клішкоў // Браслаўская звязда. – 2006. – 21 студз.

3. Ляснеўская, В. Верныя кнізе і чытачам / В. Ляснеўская // Браслаўская звязда. – 2006. – 13 верас.

4. Новікава, Л. Эстафета культуры “кнігу – у масы” / Л. Новікава // Звязда. – 1962. – 18 снеж.

5. Палулех, З. Міс “Кніга” / З.Полулех // Браслаўская звязда. – 2004. – 22 верас.

6. Хританькова, Е. «Мама, я несу тебе цветы…» / Е. Хританькова // Народная газета. – 2002. – 6 чэрв.

7. Шакель, Л. Скарбонка інтэлекту / Л. Шакель // Браслаўская звязда. – 2005. – 5 лют.

 

ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ   ГарадЫ ВОБЛАСЦІ   ГЕРАЛЬДЫКА

ПІСЬМЕннікі, паэты, літаратары   МАСТАКІ   ВЫДАТНЫЯ І ЗНАКАМІТЫЯ ЛЮДЗІ

ГЕРОІ САВЕЦКАГА САЮЗА   ГЕРОІ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ПРАЦЫ

Галоўная  Карта сайта

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2009