галоўная  >  прыдзвінскі край  >  Браслаўскі раён  > КУЛЬТУРА  >

 

АСВЕТА  >

 

Да канца ХУІІІ ст. на Браслаўшчыне пачатковую адукацыю атрымлівалі ў нешматлікіх вучэльнях, якія знаходзіліся пад моцным рэлігійным уплывам. На змену ім прыйшла народная адукацыя. Народныя вучылішчы спачатку падзяліліся на 2 групы : галоўныя 4-х-класныя і з 5-гадовым тэрмінам навучання. Планавалася, што кожны павятовы горад (у той час Відзы) павінен мець малое народнае вучылішча. Аднак у Відзах тады яно не было адкрыта.

Найбольш раннія звесткі аб стварэнні народных вучылішчаў на Браслаўшчыне адносяцца да 60-х гадоў ХІХ ст. У 1864-1867 гг. былі адкрыты аднакласныя вучылішчы ў г. Браславе, Відзах, Опсе, Дрысвятах, Краснагорцы. У іх працавалі па 2 настаўнікі. Браслаўскае наведвалі 26 вучняў. Усе яны былі з сялянскіх сем’яў. Відзаўскае мужчынскае вучылішча было самым вялікім, у ім навучаліся 52 вучні. У 1875 г. да існуючых пачатковых народных вучылішчаў дабавілася Слабодскае, дзе займаліся 45 вучняў.

Паралельна з народнымі вучылішчамі існавалі царкоўна-прыходскія школы і сельскія вучылішчы. У Браславе і Відзах, напрыклад, былі ўсе тры віды навучальных устаноў. У 1897 г. згадваецца і Богінскае вучылішча, у якім навучаліся 40 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі. У пачатку ХХ ст. архіўныя дакументы зафіксавалі павелічэнне колькасці навучальных устаноў. У многіх вёсках адкрыліся школы граматы. Яны падпарадкоўваліся прыходскім школам. Народных вучылішчаў таксама стала больш. У 1904 г. іх налічвалася 11, а ў 1912 г. іх колькасць на Браслаўшчыне павялічылася да 31.

У час першай сусветнай вайны працэс развіцця адукацыі на Браслаўшчыне прыпыніўся. Школы былі разбураны, вучэбныя дапаможнікі знішчаны.

З прыходам Савецкай улады ва ўсіх кутках Браслаўскага павета пачалі ў вялікай колькасці адкрывацца школы, якія насілі назву савецкіх адзіных працоўных школ. Адной з першых  стала працаваць Браслаўская школа 1-й ступені, якая адчынілася ў снежні 1919 года і ў ёй займалася 170 вучняў.

 

Дырэктар Опсаўскай сельскагаспадарчай школы Б. Выслоўх (злева) і выкладчык   Група  навучэнцаў Опсаўскай сельскагаспадарчай школы

Вядомасцю не толькі ў Браслаўскім павеце, але і за яго межамі, карысталася Опсаўская мужчынская сельскагаспадарчая школа, якая пачала працаваць у 1927 г. Школа давала вясковай моладзі неабходныя веды па перадавых метадах вядзення ўласных сельскіх гаспадарак. Гэта навучальная ўстанова мела добрую матэрыяльную базу, выдатны педагагічны калектыў. Сіламі выкладчыкаў і навучэнцаў вялася ўзорная гаспадарка, аказвалася дапамога сялянам навакольных вёсак.

 У апошнія гады некалькі сярэдніх школ Браслаўскага раёна адзначылі стогадовыя юбілеі. Гэта Відзаўская, Урбанская, Дрысвяцкая сярэднія школы.

На сучасным этапе сістэма адукацыі ў раёне прадстаўлена рознымі тыпамі адукацыйна–выхаваўчых устаноў: 22 дзіцячыя дашкольныя ўстановы, 13 сярэдніх школ, 3 сярэднія школы-сады, гімназія, 16 базавых школ, 2 базавыя школы-сады, 6 пачатковых школ, Опсаўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа–інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і дзяцей, якія засталіся без папячэння бацькоў, у якой вучацца 102 вучні, Дзіцячы дом у пасёлку Друя, Цэнтр карэкцыі, дзе вучацца 19 дзяцей, Цэнтр дзіцячай творчасці, у якім займаюцца 1013 вучняў у розных гуртках.

У дашкольных установах выхоўваецца ўсяго 747 дзяцей. Усе дзеці дашкольнага ўзросту поўнасцю забяспечаны месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Дзеці 5-гадовага ўзросту, якія знаходзяцца ў дашкольных установах, поўнасцю ахоплены падрыхтоўкай да школы.

У адукацыйных установах працуюць 819 педагогаў, сярод іх 10 выдатнікаў адукацыі.

Ва ўсіх сярэдніх школах, гімназіі, 14 базавых школах выкладанне некаторых прадметаў вядзецца на павышаным узроўні. У гімназіі вядзецца паглыбленае вывучэнне замежнай мовы і матэматыкі. У СШ № 2 адкрыты 2 ліцэйскія класы.

У Відзаўскім ДПТВ–169 сельгасвытворчасці займаюцца 475 вучняў, вытворча–выкладчыцкі састаў – 70 чалавек. Асноўнымі мэтамі вучылішча з’яўляюцца: забеспячэнне на аснове базавай адукацыі прафесійна-тэхнічнай адукацыі з адначасовым атрыманнем сярэдняй адукацыі,  прафесійна–тэхнічная адукацыя з адначасовым атрыманнем сярэдняй адукацыі і вывучэннем прафіліруючых агульнаадукацыйных прадметаў на павышаным узроўні, а таксама забеспячэнне на аснове агульнай сярэдняй адукацыі прафесійна–тэхнічнай адукацыі.

Браслаўская гімназія

Відзаўскае ДПТВ-169

Опсаўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа–інтэрнат

 

ЛІТАРАТУРА

1. Абаровіч, І. Школьныя справы праз прызму фактаў / І. Абаровіч // Браслаўская звязда. – 2005. – 7 верас.

2. Лабаноўскі, П. Новыя задачы, новыя пошукі / П. Лабаноўскі // Звязда. – 1960 – 9 крас.

3. Махніс, Ф. Школа, якую заснаваў канцлер ВКЛ Леў Сапега, святкуе 410-годдзе / Ф. Махніс // Звязда. – 2003. – 4 снеж.

4. Панцялейка, А. Народныя вучылішчы на Браслаўшчыне / А. Панцялейка // Браслаўская звязда. – 2004. – 17 лістап.

5. Роўба, Т. Традыцыі народнага выхавання / Т. Роўба // Браслаўская звязда. – 2000. – 9 жн.

6. Сергіевіч, К. Унікальны юбілей / К. Сергіевіч // Браслаўская звязда. – 1997. – 28 мая.

7. Шавелла, Э. З гісторыі адукацыі ў Дрысвятах / Э. Шавелла // Браслаўская звязда. – 2007. – 24 студз.

8. Шостак, Я.У. Браслаўская школа ў 1919 годзе / Я.У. Шостак // Браслаўская звязда. – 1989. – 7 лістап.

9. Шыдлоўскі, К.  Сельскагаспадарчая школа ў Опсе / К. Шыдлоўскі // Памяць : Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал. К.В. Велічковіч [і інш.]. – Мн., 1998. – С. 268-270.

 

 

ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ   ГарадЫ ВОБЛАСЦІ   ГЕРАЛЬДЫКА

ПІСЬМЕннікі, паэты, літаратары   МАСТАКІ   ВЫДАТНЫЯ І ЗНАКАМІТЫЯ ЛЮДЗІ

ГЕРОІ САВЕЦКАГА САЮЗА   ГЕРОІ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ПРАЦЫ

Галоўная  Карта сайта

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2009